ТЫДЗЕНЬ МЕТАДЫЧНАГА МАЙСТЭРСТВА

26.10.2020

 У перыяд з 19 па 24 кастрычніка 2020 з мэтай павышэння педагагічнага майстэрства педагогаў і яго асобаснай культуры для дасягнення стабільна станоўчых вынікаў адукацыйнага працэсу ў Купяціцкай сярэдняй школе прайшоў тыдзень метадычнага майтэрства.

Панядзелак 19.10.2020 - дзень адкрыцця тыдня педагагічнага майстэрства названы днём распаўсюджвання вопыту. У гэты дзень вопытам сваей дзейнасці з педагогамі падзяліся настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі:

-  настаўнік геаграфіі Шпакоўская Р.У. па тэме “Выкарыстанне картаграфічных крыніц на вучэбных занятках прадмета “Геаграфія. Фізічная геаграфія” як сродак развіцця пазнавальнай дзейнасці школьнікаў”;

- настаўнік фізікі і матэматыкі Вайцэховіч А.В. па тэме “Павышэнне якасці засваення матэрыялу па матэматыцы праз выкарыстанне апорных схем і канспектаў”.

Аўторак 20.10.2020 стаў днём адкрытых урокаў.

- настаўнікам Пілаўцом А.У. праведзены акрыты ўрок фізічнай культуры і здароўя ў 9 класе па тэме “Валейбол”. На занятку настаўнік многа ўвагі ўдзяляў фарміраванню ў навучэцаў навыкаў бяспечных паводзін падчас рухомых гульняў. Пры тлумачэнні правільнасці выканання практыкаванняў настаўнік абапіраўся на веды навучэнцаў аб будове і функцыях арганізма чалавека; своечасова праведзена пульсаметрыя.   

 

- урок матэматыкі ў 11 класе па тэме “Паказальныя няроўнасці” праведзены Андрэйкаўцом Я.П. Падчас правядзення занятку выкарыстаны практыкаарыентаваныя задачы, якія патрабавалі ад навучэнцаў нестандартнага мыслення, выкарыстання ведаў па іншых прадметах. Так, напрыклад, пры выкананні аднаго з заданняў навучэнцам было неабходна алгарым праграмы па інфарматыцы пераўтварыць ў матэматычную няроўнасць.

-на ўроку мастацтва ў 7 класе па тэме “Дэкратыўна-прыкладное мастацтва старажытнага Егіпта” настаўнікам Макарэвіч Н.П. выкарыстаны формы работы навучэнцаў з дадатковымі крыніцамі інфармацыі (мастацкімі творамі, гістарычнымі крыніцамі). Пры выкананні творчай работы навучэнцам патрэбна было выкарыстаць элементы мастацтва старажытнага Егіпта ў інтэр’еры, упрыгожваннях і т.п.

 

21.10.2020 года,  серада - дзень узаемадзення “Дзіцячы сад-школа”. Адміністрацыя ўстаноў адукацыі, настаўнікі пачатковых класаў сумесна з выхавацелямі Купяціцкага дзіцячага садка наведалі ўрокі ў 1 класе ў рэжыме відэазапісу. Падчас правядзення  круглага стала “Рыхтуемся да школьнага старту: узаемадзеянне школы і дзіцячага саду” абмеркавалі шляхі ўдасканалення ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі. Акрамя таго, педагог-псіхолаг школы Аляхновіч Н.У. падзялілася вопытам кансультавання бацькоў па тэме “Складальнікі гатоўнасці да навучання ў школе” на прыкладзе пірага.

Чацвер 22.10.2020 прысвечаны выхаваўчай рабоце. З самага ранку ў фае школы працавала выстава “Дзень ураджаю”. Такім чынам, падведзены вынікі сумеснай творчай дзейнасці ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ўстановы адукацыі. Гэта форма работы з прыродным матэрыялам садзейнічае развіццю экалагічнай культуры навучэнцаў і іх асабістых творчых здольнасцей, а таксама павышае эфектыўнасць узаемадзеяння з сям’ей.

Класным кіраўніком Вабішчэвіч А.М. праведзена інфармацыйная гадзіна ў 8 класе ў рамках праекта “ШАГ” па тэме  “ААН – 75 гадоў: гісторыя дзейнасці, асноўныя дасягненні і інцыятывы РБ у складзе ААН”. У ходзе мерапрыемства класным кіраўніком умела вырашана пытанне: як зрабіць, каб кожны вучань стаў актыўным, зацікаўленым удзельнікам? Як пазбавіцца ад пасіўнасці некаторых вучняў? Як перавесці ад рэпрадуктаўнай дзейнасці да даследчай? Для гэтага яна выкарыстала прыём “акварыум”. “Акварыум” – гэта форма дыялога, калі вучням прапануецца абмеркаваць праблему “перад тварам грамадскасці”.

Акрамя таго, у гэты ж дзень праведзена пасяджэнне школьнага вучэбна-метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў па тэме: “Фарміраванне інфармацыйнай культуры вучняў.  Інфармацыйная гадзіна як эфектыўная форма інфармацыйна - прапагандысцкай работы” у форме інфармацыйнага марафону. Марафон - гэта невялікі курс, які ўключае ў сябе ўнікальную інфармацыю па пэўнай тэме. Такой інфармацыяй падзялілася класны кіраўнік 7 класа Закіркіна Н.Л., якая расказала пра эфектыўныя спосабы фарміравання інфармацыйнай культуры вучняў, крытэрыі ацэнкі эфектыўнасці інфармацыйнай гадзіны. Класны кіраўнік 3 класа Сухаверхая Т.А. раскрыла асаблівасці арганізацыі  інфармацыйных гадзін у пачатковай школе. Вопытам работы па падрыхтоўцы і правядзенні інфармацыйных гадзін падзялілася   Лявошка Н.Л. З арганізацыйнымі мадэлямі правядзення праекта “ШАГ” пазнаёміла класны кіраўнік 11 класа Еўтуховіч В.М. Яна, абапіраючыся на падрыхтаваную прэзентацыю, раскрыла асаблівасці кожнай мадэлі, дала рэкамендацыі педагогам. Членамі вучэбна-метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў была абмеркавана тэхналогія “Сто пытанняў даросламу: падзеі, факты,  каментарыі”. Педагогі дзяліліся вопытам работы па правядзенні інфармацыйных гадзін па гэтай тэхналогіі. Было вырашана распрацаваць памятку па арганізацыі і  правядзенні  ток-шоу “Сто пытанняў даросламу: падзеі, факты,  каментарыі”.

23.10.2020 прайшло закрыццё тыдня метадычнага майстэрства. На пасяджэнні метадычнага савета школы абмеркаваны не толькі вынікі правядзення тыдня, але і шляхі ўдасканалення работы калектыва школы па пытаннях пераемнасці на розных ступенях навучання і выхавання, намечаны шляхі ўдасканалення майстэрства педагогаў.

Акрамя школьных мерапрыемстваў настаўнікі школы прынялі ўдзел у рабоце адпаведных раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў згодна плана работы аддзела па адукацыі Пінскага райвыканкама: РВМА школьных бібліятэкараў (20.10.2020), РВМА педагогаў сацыяльных, РВМА настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя (21.10.2020).

Арганізацыя і правядзенне мерапрыемстваў тыдня метадычнага майстэрства ажыццяўляліся ў адпаведнасці з Метадычнымі рэкамендацыямі па арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах адукацыі ва ўмовах распаўсюджвання інфекцыі COVID-19, распрацаваных Міністэрствам аховы здароўя РБ і Міністэрствам адукацыі РБ у 2020 годзе. Усе мерапрыемствы раскрывалі метадычную тэму школы, над якой у 2020/2021 навучальным годзе працуе педагагічны калектыў: “Удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў па пытаннях арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў праз рэалізацыю ў адукацыйным працэсе метапрадметных, прадметных і асобасных кампетэнцый“.

 

 

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце

В.У.Пятых